Давайце не цурацца нашай мовы,
Вучыць дзяцей на роднай размаўляць.
Нам не знайсці нідзе пяшчотных словаў,
Якія з вуснаў матчыных гучаць.
М. Багдановіч
Новы тыдзень прынёс чарговую асалоду ад пазнання таямніц роднай мовы, якая ўсё часцей гучыць не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і ў паўсядзённым школьным жыцці. Чуецца, як зранку нехта прывітаўся па-беларуску, ветліва пажадаў: “Смачна есці” ў буфеце, запытаўся ў бібліятэкара пра кніжныя навінкі. Роднае слова гучыць! Гоіць душу і сэрца. Лашчыць слых.
Па-сапраўднаму шчыра і чулліва прайшла інфармацыйная гадзіна ў 6 “В” класе, прысвечаныя тэме міру на Зямлі. Фотаздымкі мемарыяла “Чырвоны бераг”: 21 школьная парта пад адкрытым небам і чорная дошка з тэкстам ліста беларускай дзяўчынкі Каці Сусанінай, якая была аддадзена ў няволю нямецкаму барону. Дзеці, затаіўшы дыханне, слухалі пранікненыя словы з ліста сваёй аднагодкі, па-свойму перажывалі хвілінкі жудасці і бездапаможнасці. Хочацца верыць, што вучні ў чарговы раз прыйшлі да высновы: “Мір – гэта гармонія і згода паміж людзьмі, цеплыня і ўтульнасць узаемаадносін”.
Шчыра жадаем Вам восеньскай утульнай цеплыні і згоды!
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кустава А.С.