Могилёвский областной исполнительный комитет МОГИЛЕВСКИЙ
ГОСУДАРСТВЕННЫЙ УНИВЕРСИТЕТ ПРОДОВОЛЬСТВИЯ Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Беларусь – мая Айчына

     Такімі гордымі і годнымі словамі пачаўся першы ўрок у новым навучальным годзе для вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва”.
     Цікавы і захапляльны ўрок-свята запрасіў рабят 8 “А” класа ў незвычайнае падарожжа па славутых мясцінах нашай краіны.
     Архітэктурнай манументальнасцю і выкшталцонасцю здзівілі і ўразілі касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску, Мірскі замак на Гродзеншчыне, памесце Козел-Паклеўскіх на Гомельшчыне, Свята-Мікольскі манастыр у Магілёве, Камянецкая вежа на Берасцейшчыне, Сафійскі сабор у горадзе Полацку на Віцебшыне.
      Прыгадалі рабяты і сем цудаў Беларусі, якімі славіцца наша зямля: Радзівілаўскі Нясвіж, крыж Льва Сапегі, возера Нарач, Мінскі абраз Божай Маці, Полацкі Сафійскі сабор, паэму “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, падводную лодку Казіміра Чарноўскага. Усе гэтыя дзівы пераконваюць зноў і зноў у неабходнасці смела, з гонарам і годнасцю несці сваё высокае званне – людзі зямлі беларускай.
Віктарына “Самы-самы па-беларуску” прымусіла рабят задумацца, каб адказаць на пытанні пра самае глыбокае возера, самую доўгую раку, самы стары горад і самую высокую кропку нашай краіны. Прыемна ўразіла і тое, што межы Беларусі нагадваюць сімвал нашай Радзімы – зубра.
Таксама на працягу ўрока-свята гучалі мудрыя і светлыя развагі-цытаты пра беларускі народ, роднае слова, мілую Бацькаўшчыну.
     З задавальненнем падзяліліся рабяты новымі ведамі і яскравымі ўражаннямі, што набылі падчас летніх канікул, вандруючы па старонках любімых беларускіх твораў. Асабліва пранікнёна прадэкламавалі вучні вершы Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей” і Янкі Купалы “Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі”, якія з’яўляюцца своеасаблівым падмуркам духоўнасці і патрыятызму кожнага сапраўднага сына адной вялікай сям’і – нашай Айчыны.
      Вось так прайшоў у новым навучальным годзе першы ўрок, які стаў добрым ўрокам для свядомага ўяўлення аб багацці, прыгажосці і непаўторнасці нашай Айчыны – Беларусі.

 

Класны кіраўнік 8 “А” класа
Аллянкова Н.В.

<< Вернуться на предыдущую страницу