Могилёвский областной исполнительный комитет МОГИЛЕВСКИЙ
ГОСУДАРСТВЕННЫЙ УНИВЕРСИТЕТ ПРОДОВОЛЬСТВИЯ Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Эпоха камсамола: пярэдні край жыцця

          На дварэ шчыруе залатая восень: дрэвы афарбаваны ў залаты колер, у паветры лётае бела-празрыстае павуцінне. Звычайная карціна асенняй пары, восені 2018 года.
          Усё далей і далей у мінулае адыходзіць ХХ стагоддзе, а разам з ім адыходзяць і падзеі, мяняюцца ідэі і каштоўнасці нацыі. Зараз няма той вялікай краіны, што абазначалася абрэвіятурай – СССР. Зараз няма тых арганізацый школьнікаў і моладзі, якія з гонарам насілі імёны герояў-камсамольцаў. Але ёсць тыя людзі, якія былі камсамольцамі і застаюцца імі зараз.
          Стаць камсамольцам можна было ў 14 год. Гэта права неабходна было заслужыць добрай вучобай, прыкладнымі паводзінамі. Да паступлення ў рады камсамольскай арганізацыі рыхтаваліся, як да свята. Неабходна было  мець тэарэтычную падрыхтоўку. Ведаць адказы на пытанні, звязаныя з жыццём камсамола. Потым было камсамольскае школьнае жыццё, якое ўпрыгожваў не толькі камсамольскі значок на грудзях, а і, самае галоўнае, азарт карысных спраў, найцікавейшых мерапрыемстваў. Было ўсё: і збор макулатуры, металалому, дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, суботнікі…
          Асобная старонка – студэнцкія гады, вясёлыя, поўныя нечаканасцей, сюрпрызаў, сустрэч і расстанняў, радасці і слёз…
          А яшчэ – студэнцкія атрады. Камсамольцы кожнае лета працавалі ў такіх атрадах. У кожнага студатрадаўца была форма, якая потым ператваралася ў спецыяльную, на маю думку, газету з пажаданнямі, аўтографамі, цытатамі філосафаў, асабістымі разважаннямі аб жыцці, каханні, камсамоле. І гэта ўсё на фоне пейзажаў-малюнкаў аматараў-мастакоў. Рамантыка! Калі толькі хапала часу?! Пэўна, калі акрылены марай, стаіш на пярэднім краі жыцця, то  абавязкова знойдзеш гадзіны на плённую працу і на юнацкую безразважнасць. Працы было шмат. Праца на полі (ўборка капусты), у садзе (збор яблыкаў), на зернетаку (сушка збожжа). Стомленыя, але шчаслівыя вечарам пад гітару пад разложыстым дубам спявалі вясёлыя песні, адкрываючы сваё камсамольскае сэрца ўсяму свету шчыра і да канца.
          Вось такі быў камсамол, светлы, радасны, насычаны, актыўны, гарманічны, карысны, патрэбны.
          Як жыве моладзь сёння? Маладыя людзі  нарадзіліся ў незалежнай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь. Пра СССР ведаюць з кніг ці з успамінаў бацькоў, пра тое, што 29 кастрычніка 2018 года Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі адзначыць свой юбілей – 100 год, магчыма, зусім не ведаюць, але я пераканана ў тым, што яны імкнуцца сумленна жыць для сябе, для сваёй сям’і, для сваёй  дзяржавы. Усё залежыць ад чалавека, а потым ужо ад часу. Можна жыць змястоўна, цікава, а можна проста жыць, нічога не робячы, марнуючы зямное існаванне.
          Эпоха камсамола, яркая, непадробная, наша. Дзіўна, як хутка мы забываем тое, што некалі мела важнае агульнадзяржаўнае значэнне, выкрэсліваем і абыходзім тое, што нельга – гісторыю. Эпоха камсамола – жыццё, поўнае падзей і ўражанняў.
          Старонкі камсамольскага жыцця – лепшыя старонкі жыцця продкаў, каб нашчадкі мелі права ганарыцца імі, хто меў шчасце нарадзіцца ў  эпоху камсамола і быць на пярэднім краі жыцця.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка В.С.

 

<< Вернуться на предыдущую страницу