Могилёвский областной исполнительный комитет Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Хата з матчынай душою

    Калі вы хочаце зазірнуць у гісторыю Беларусі, адчуць самабытнасць культуры нашага народа і ўбачыць, як жылі беларусы раней, абавязкова наведайце музей матэрыяльнай і духоўнай культуры “Скарбы” дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва”.
    Сёння школьны музей гасцінна запрасіў  сваіх наведвальнікаў, вучняў 5-7-ых класаў, на этнаграфічную экскурсію-аповед “Хата з матчынай душою”.
    Панарама народнага жыцця, прадстаўленая ў экспазіцыі музея, сапраўды, уражвае і здзіўляе адначасова. Якіх толькі хатніх прылад-памочніц для гаспадыні тут не ўбачыш: і гарлачы, і збанкі, і глякі, і кашы, і карабы, і вярэнькі… А ці ведаеце вы , што такое берасцень? А гэта гарлач-прыгажун, аплецены стужкамі бяросты. А як завецца пляскаты драўляны брусок для мыцця бялізны? Так, пранік. А для чаго трэба палка-круглячок і валок? Каб качаць бялізну. А якую рэч называлі хлебніцаю? А што такое бойка? Шмат пытанняў і шмат нечаканых адкрыццяў!
    Таксама вучні-экскурсаводы цікава і пераканаўча распавядалі пра жыццёвую мудрасць народнага этыкету: чаму да печы ставіліся як да жывой істоты, якая частка хаты лічылася “жаночай”, якое месца з’яўлялася куточкам храма ў хаце .
Уразіла рабят і стракатая прыгажосць нацыянальнага касцюма: кашуль і камізэлек, сукенак і спадніц, фартушкоў і намітак. Такіх у краме не купіш: у іх –  натхненне, душа, жыццё таленавітых народных майстрыц.
    А ручнікі, узорныя посцілкі, акуратна складзеныя ў куфры! Адчыні гэты скарб – і ты адчуеш цеплыню і пяшчоту матчыных рук.
    Чым жа яшчэ гаспадыня аздабляла хату? Канечне, прыказкамі ды прымаўкамі, жартамі ды загадкамі. Актыўна і весела рабяты ўдзельнічалі ў віктарыне “Хто хутчэй?”, дэманструючы сваю кемлівасць і знаходлівасць у веданні фальклорнай спадчыны нашых продкаў.
    Напрыканцы экскурсіі дзяўчаты з задавальненнем адчулі сябе ў ролі маленькіх гаспадынь: навучыліся качаць ручнікі качалкай.
    Вось такая яна, хата з матчынай душою… Родная і мудрая, якая ачышчае і ўзвышае, ратуе і абараняе, вучыць і выхоўвае, робіць нас лепшымі.


Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Аллянкова Н.В.

<< Вернуться на предыдущую страницу