Могилёвский областной исполнительный комитет Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Конкурс-свята

     Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю…
     Беларусь. Радзіма. Айчына. Словы, якія кранаюць да глыбіні душы, прымушаюць задумацца над сэнсам чалавечага існавання, над лёсам Бацькаўшчыны.
Янка Купала. Якуб Колас. Вялікія людзі, геніяльныя паэты, юбіляры 2017 года.
2 лістапада 2017 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №31 г. Магілёва” вучні старэйшых класаў былі запрошаны на конкурс-свята ”Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю”. Мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве выпускнікоў. Яны выказалі жаданне ў беларускамоўны чацвер на асенніх канікулах апынуцца ў Краіне Паэзіі, дзе гучаць шчыра-пранікнёныя думкі найлепшых мастакоў слова, спявае на ўвесь голас матчына мова, саграваючы ўсіх цеплынёй і душэўнасцю.
“Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”, “згінулі сцюжы, мяцеліцы…”, “песняй вясны лебядзінаю, скінуўшы зімнія чары…”, “мой мілы таварыш, мой лётчык…”, “мой родны кут, як ты мне мілы…”, “і грыміць, і звініць срэбразвонны ручэй…”– словы, знаёмыя кожнаму сумленнаму беларусу.
Адзінаццацікласнікі і дзесяцікласнікі падрыхтавалі да конкурсу паэтычныя творы народных паэтаў Беларусі – Янкі Купалы, Якуба Коласа.
     Журы конкурсу – педагогі і вучні – адназначна прыйшлі да высновы: апынуцца ў Краіне Паэзіі, дзякуючы генію і таленту аўтараў “Жалейкі” і “Песень жальбы”, – шчасце сапраўднага чалавека, грамадзяніна-патрыёта.
     Акрамя вучняў, удзельнікамі конкурсу-свята сталі і педагогі, улюбёныя ў паэзію і жыццё.
Свята закончылася, але ў кожнага застаюцца светлыя, душэўныя ўспаміны пра знакамітых песняроў беларускай зямлі; працягвае жыць вера ў шчаслівы заўтрашні дзень, у непераможнасць беларускага народа, у сілу духу і веліч чалавека.

Петрачэнка В.С.,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы і адукацыі
“Сярэдняя школа №31 г. Магілёва”

 

<< Вернуться на предыдущую страницу