Наведванне мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Біруля “Свет дзяцінства”
Сумленнасці трэба вучыцца ў маленькіх дзяцей,
пакуль яны не навучыліся ад нас несумленнасці.
Казімір Камейша
Як мала чалавеку трэба для радасці. Добрая кніга, цёплая сустрэча з сябрамі, запланаваны выхад у тэатр, музей, на выставу — гарант узнёслага настрою і новых адкрыццяў у жыцця кожнага чалавека. Так, вучні 5 “В” класа дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва” наведалі мастацкі музей В.К. Бялыніцкага-Біруля, які гасцінна запрашаў магіляўчан і гасцей горада на тэматычную выставу “Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля і мастакі яго асяроддзя”.
В. К. Бялыніцкі-Біруля — найбуйнейшы беларускі жывапісец-пейзажыст, які вывеў жанр беларускага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікі. На выставе былі прадстаўлены творы са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Музей, адноўлены пасля рэстаўрацыі, сапраўды ўражвае глыбінёй мастацкіх твораў, натуральнасцю інтэр’ера, багатай экспазіцыяй. Пяцікласнікі пазнаёміліся з жыццём і творчасцю знакамітага мастака, разгледзелі карціны сяброў жывапісца. Вітольд Каэтанавіч вельмі любіў жыццё і даў людзям вялікае шчасце глядзець на прыроду яго вачыма, бачыць у ёй тое непаўторна-зменлівае, запаведнае і запаветнае, што хвалюе і прымушае мацней любіць Радзіму. Любіць шчыра. Так, як мастак любіў квітнеючы яблыневы сад і пахучы бэз. Асаблівую цікавасць выклікалі работы “Час цішыні, “Дзеці за піяніна”, “Дзяўчына, якая ўсміхаецца”, бо настраёвасць карцін вяртае ў гады незабыўнага дзяцінства, сагрэтага ласкавай усмешкай і натуральнасцю пачуццяў, чысцінёй пачуццяў і сумленнасцю.
Дзеці, уражаныя сустрэчай з высокім мастацтвам, неаднаразова паўтаралі: “Да сустэчы, музей! Да хуткай сустрэчы зноў!”
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 5 “В” класа
Алена Сяргееўна Кустава