Квітней, родная мова!
Гэтыя кнігі карысна чытаць усякаму чалавеку:
мудраму і неразумнаму, багатаму і беднаму,
маладому і старому. А найперш тым,
хто мае намер засвоіць добрыя норавы,
спасцігнуць сапраўдную мудрасць і навуку.
Францыск Скарына
Асветнікі Магілёўшчыны
Францыск Скарына распачаў беларускае кнігадрукаванне, пашырыў асвету. Спачатку ў Кракаве стаў доктарам навук, а потым у Італіі абараніў дыплом доктара медыцыны. Першая кніжка, якую ён прыблізіў да народнай мовы і надрукаваў, выйшла ў 1517 годзе 6-га жніўня. Гэта быў “Псалтыр”– для карысці паспалітага люду…”
Справу Скарыны пашырыў і Пётр Мсціславец – друкар, асветнік, мастак са Мсціслава. Друкарскай справе вучыўся ў Вільні. А ў Маскве прыняў удзел у заснаванні першай маскоўскай друкарні. У 1564 годзе рускі першадрукар Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі ў ёй першыя рускія друкаваныя кнігі. І ў 1569 годзе Пётр Мсціславец пераязджае ў Вільню, дзе засноўвае друкарню.
З Магілёўшчыны паходзілі і віленскія купцы браты Мамонічы – Кузьма і Лукаш. Іх друкарня з 1574 па 1623 гады выдала каля сотні кніг рознага зместу. У 1586 годзе друкарня братоў Мамонічаў надрукавала галоўныя дзяржаўныя заканадаўчыя дакументы – “Трыбунал” і “Статут Вялікага княства Літоўскага”. Адзін з артыкулаў “Статута” юрыдычна зацвердзіў беларускую мову як дзяржаўную ў Вялікім княстве Літоўскім.
Спірыдон Собаль – вядомы беларускі друкар і асветнік – нарадзіўся на Магілёўшчыне. У 1630 годзе пад Оршай заснаваў друкарню, дзе выдаў шэраг кніг і падручнікаў. Потым друкаваў кнігі ў друкарнях Магілёва, якія сталі шырока вядомы па-за межамі краіны.
Бацька і сын Максім і Васіль Вашчанка – мастакі-гравёры, рабілі кніжныя ілюстрацыі ў складанай тэхніцы гравюры па медзі і дрэву. Васіль Вашчанка ў адной з гравюр падаў від Магілёва.
Настаўніца беларускай мовы
і літаратуры Петрачэнка В.С.