“Дзе нам баліць, там і душа”
15 студзеня 2021 года – 85 год з дня нараджэння Янкі Сіпакова.
Творчасць Янкі Сіпакова – прыклад суіснавання і ўзаемаўзбагачэння двух розных родаў літаратуры – эпасу і лірыкі, прычым як у паэтычнай, так і празаічнай форме. Глыбокая інтэлектуальнасць яго творчасці вынікае з ведання фальклору, міфалогіі, гісторыі народаў свету.
Янка (Іван) Данілавіч Сіпакоў нарадзіўся 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубарэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. За сувязь з партызанамі яго бацькі былі закатаваны ў гестапа, а шасцігадовы Іван і дзве яго сястры засталіся сіротамі і выхоўваліся ў цёткі.
Пісаць вершы Янка Сіпакоў пачаў у школьным узросце, а надрукаваў першы верш у раённай газеце ў 16 год.
Янка Сіпакоў – аўтар зборнікаў паэзіі “Сонечны дождж”, “Лірычны вырай”,”Дзень”, “З вясны ў лета”,”Веча славянскіх балад”, “Вочы ў вочы”, “Усміхніся мне”.
Дамінантай лірычнага героя ў паэзіі Янкі Сіпакова з’яўляецца душэўнасць, прага дабрыні і ўзаемаразумення, трывога за чалавека. Сцвярджаючы гуманістычныя ідэалы, паэт нібы бярэ на сябе боль другога чалавека:
Дзе нам баліць, там і душа,
З душы ўвесь чалавек сатканы.
Дзе нам баліць, там і душа,
З душы ўвесь чалавек сабраны…
Кнігі Янкі Сіпакова – глыток чыстага паветра, які выратавальна вяртае да простых і вечных ісцін.
12 студзеня адбылася літаратурная гадзіна, прысвечаная творчасці Янкі Сіпакова. Падчас мерапрыемства вучні паведамілі пра жыццёвы і творчы шлях майстра слова, дэкламавалі паэтычныя творы: трыялеты, санеты, балады. Дзяліліся ўражаннем ад прачытанага.
Настаўніца беларускай мовы
і літаратуры Петрачэнка В.С.
Для дальнейшего просмотра ЩЕЛКНИТЕ ПО ФОТО
#sosh31_mogilev #школа31_могилев
#mogilevnews #mogilevtut #mogilev