Могилёвский областной исполнительный комитет МОГИЛЕВСКИЙ
ГОСУДАРСТВЕННЫЙ УНИВЕРСИТЕТ ПРОДОВОЛЬСТВИЯ Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Віртуальнае падарожжа “Трымаючы руку на пульсе часу”

Віртуальнае падарожжа “Трымаючы руку на пульсе часу”

                                          Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,
                                          Дзе жніўнае святло нібы сляза
                                          I поўня ў небе як свінцовы злітак.
                                          Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць…
                                                                        В.Шніп


          21 студзеня 2021 года вучні 8 класаў сабраліся з нагоды 100-й гадавіны з дня нараджэння Івана Шамякіна, аднаго з самых выдатных  пісьменнікаў Беларусі.

          Івана Пятровіча Шамякіна называюць мастацкім летапісцам нашай сучаснасці. Ён належыць да тых пісьменнікаў, якія адлюстроўвалі і асэнсоўвалі надзённыя праблемы жыцця грамадства. Ён прыйшоў у літаратуру як аўтар твораў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, але хутка адкрылася, што сучаснасць — яго асаблівая  страсць. Пісьменнік імкнуўся ўбачыць падзеі і чалавека менавіта «з глыбіні свайго дня», з гуманістычных пазіцый. Ён працаваў у літаратуры актыўна і надзвычай плённа, выдаў дзясяткі кніг апавяданняў, раманаў, аповесцей. Яго творы карысталіся ў чытача вялікім поспехам. Іван Пятровіч заўсёды смела распрацоўваў матэрыял сучаснага жыцця, браўся за многія тэмы, надаваў ім вострае, а то і палемічнае гучанне.

          I. Шамякін — аўтар этапных твораў у беларускай прозе, кожны з якіх стаў адметнай літаратурнай падзеяй. Дастаткова назваць раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», цыкл аповесцей «Трывожнае шчасце», аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры». Актыўна даследаваў пісьменнік сучаснае жыццё з яго сацыяльнымі і маральнымі праблемамі ў аповесцях «ІІалеская мадонна», «Вернісаж», «Падзенне», «Без пакаяння», «Крывінка», «Зона павышанай радыяцыі», «Пошукі прытулку»... Творы пісьменніка складаюць мастацкі летапіс жыцця і лёсу беларускага народа ў XX стагоддзі.

          Жыццё I. Шамякіна было надзвычай насычанае, аднак заўсёды  выключнае месца займала яго сям’я. Да сваіх дзяцей ён і яго жонка Марыя Філатаўна ставіліся з вялікай і трапяткой любоўю. Іван Пятровіч звязваў з імі ўсе свае радасці, надзеі і спадзяванні, па-бацькоўску хваляваўся і трывожыўся пра іх лёс. Пісьменнік быў перакананы ў галоўных каштоўнасцях свайго жыцця: «Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё — Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў».

          Што ж сённяшняму грамадству гаворыць творчасць Шамякіна? Героі твораў пісьменніка жывуць штодзённымі клопатамі часу, змагаюцца за сваю айчыну ў гады кровапралітнай вайны, з радасцю пераможцаў будуюць на руінах і папялішчах новае жыццё, жывуць справамі вёскі, думаюць пра новае архітэктурнае аблічча нашых гарадоў, турбуюцца чарнобыльскім лёсам суайчыннікаў... Сапраўдным гуманізмам, як касцёр цеплынёй, дыхаюць старонкі шамякінскіх твораў, даводзячы нам, беларусам, запаветную, вынашаную пісьменнікам ісціну: жыццё на зямлі пры любых абставінах павінна заставацца па-чалавечы адказным і годным.

          Калі паспрабаваць коратка вызначыць, хто ж ён, I. Шамякін, то, бадай, найбольш дакладна зрабіў гэта ў сваіх згадках «Вернасць» Алесь Савіцкі.

          Чалавек, які не прымае зло і прызнае найвышэйшай вартасцю здольнасць дарыць людзям толькі дабро.

          Салдат, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад першай яе крывавай зарніцы да салюта Перамогі над знішчанай дашчэнту гітлераўскай ваеннай машынай.

          Шчаслівы бацька, які выхаваў чацвярых дзяцей, а яшчэ больш шчаслівы дзядуля, акружаны ўнукамі.
Творца сусветнага ўзроўню, які напісаў дзясяткі раманаў, аповесцей і іншых літаратурных твораў, перакладзеных з беларускай мовы на дзясяткі іншых моў; агульны наклад яго твораў налічвае мільёны паасобнікаў і працягвае кожны год прырастаць.

          Усё гэта ён, Іван Пятровіч Шамякін, народны пісьменнік Беларусі, чыё імя на зямлі беларускай ведае і стары і малы; ён — без перабольшання — эпоха.

          Івана Шамякіна можна назваць не толькі вялікім беларускім пісьменнікам, але і патрыётам сваёй Радзімы. Чытайце творы Шамякіна, перачытвайце старонку за старонкай і пазнавайце ўсё больш і больш пра беларускі народ і яго гісторыю.

I хай сабе —
з нагоды,
без нагоды,
я паўтару,
хоць колькі пройдзе год:
калі пясняр такі ёсць у народа,
то за яго
паклон табе,
народ!..


Настаўніца беларускай мовы і
літаратуры Шэндзерава Іна Сяргееўна
 

<< Вернуться на предыдущую страницу