Могилёвский областной исполнительный комитет МОГИЛЕВСКИЙ
ГОСУДАРСТВЕННЫЙ УНИВЕРСИТЕТ ПРОДОВОЛЬСТВИЯ Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Размаўляем па-беларуску

Чытаем часопіс “Бярозка” разам з настаўнікамі і бацькамі


          Сёння вучняў 7-ых класаў на інфармацыйную гадзіну “Чытаем часопіс “Бярозка” разам з настаўнікамі і бацькамі” гасцінна запрасіла чытальная зала нашай школы.
          Бібліятэкар Галіна Мікалаеўна Худалей цікава, з захапленнем расказала ўдзельнікам інфармацыйнай гадзіны пра навінкі часопіса, які чакае ўсіх, хто ўлюбёны ў роднае слова, захапляецца творамі мастацкай літаратуры, мае схільнасці да навукі, цікавіцца творамі маладых літаратараў і сам спрабуе пісаць.
          Сапраўды, палітра займальных сюжэтаў часопіса даволі разнастайная. У рубрыцы “Псі-факторыя” атрымаеш карысныя парады псіхолага, у “Школе журналістыкі” прачытаеш інтэрв’ю з кумірам, у рубрыцы “Я вучуся ў беларусаў” пазнаёмішся з таленавітай моладдзю, а “Канцэпт-мастак” навучыць цябе маляваць. Асабліва зацікавіў рабят новы праект “Аповесць-канструктар ”Арнамент”, што прысвечаны казкам пра беларускую міфалогію.
          А малады настаўнік гісторыі Юрый Юр’евіч Шыбека звярнуў увагу вучняў на рубрыку “Табе навука”, агляд якой навучыць твой смартфон “размаўляць” па-беларуску.
          “Літаратурную старонку” часопіса “Бярозка” разгарнула класны кіраўнік вучняў 7 “А” класа Наталля Валер’еўна Аллянкова і асабліва зацікавіла тых, хто схільны да ўласнай вершатворчасці.
          Падзяліліся сваімі чытацкімі схільнасцямі і бацькі. Святлана Сяргееўна Урупіна чытае часопіс “Бярозка” з дзяцінства. Для яе кожны новы нумар – гэта маленькае адкрыццё, успрыманне і разуменне свету вачыма дзяцей, што напаўняе дарослае жыццё здзіўленнем і захапленнем адначасова. У апошнім нумары часопіса асабліва зацікавіла рубрыка “Я люблю Беларусь” пра паходжанне назваў вёсак і ўрочышчаў, дарог і прасек Белавежскай пушчы.
          З прыемным хваляваннем і непрыхаванай цікавасцю, з радасцю і задавальненнем далучыліся сёння да старонак часопіса на роднай мове вучні, настаўнікі і бацькі. Дзякуй, “Бярозка”!

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Аллянкова Наталля Валер’еўна

<< Вернуться на предыдущую страницу