Ручнік-ручнічок
Заўсёды захапляльнымі, цёплымі і па-дамашняму ўтульнымі адбываюцца творчыя сустрэчы ў школьным музеі матэрыяльнай і духоўнай культуры “Скарбы”. Так, 27 верасня 2018 года вучні 5 “В” класа дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 31г.Магілёва” завіталі ў любімы музей, каб далучыца да лепшых традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Ручнік — сімвал чысціні і роднага дома.
Спакон вякоў ручнік надзяляўся магічнай сілай аховы, добразычлівага ўплыву, дабраславення вышэйшых сіл.
Спрадвеку ручнік выкарыстоўвалі ў народных звычаях і абрадах. Ен быў неабходным рытуалам падчас хрышчэння. На яго клалі немаўля пасля абраду: тканіна сімвалізавала свет культуры, у які трапляла дзіця са свету прыроды.
Без ручніка ніколі не абыходзіўся ні адзін этап вяселля: абвязвалі ручнікамі святоў і сваякоў жаніха, за ручнік вялі маладую на пасаг, яго падсцілалі на шляху ў хату маладога і ў царкве пры вянчанні. Пасля царквы маці маладой кідала на зямлю ручнік: хто першы на яго стане, будзе трымаць верх у сям’і. Усё гэта азначала пажаданне багацця, дабрабыту, а таксама далучэнне да новага дома.
Узоры на сатканых і вышытых ручніках — гэта своеасаблівае зашыфраванае апавяданне пра жыццё чалавека, яго радасці, спадзяванні, мары.
Нельга тут не ўзгадаць цудоўны верш беларускай паэткі Людмілы Валасевіч “Ручнік”:
У будні і ў святы ручнік на сцяне.
Валошкі, рамонкі ідуць па “канве”.
Яго вышывала матуля мая,
Каб у хаце жылі прыгажосць, дабрыня.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 5 “В” класа Алена Сяргееўна Кустава