Могилёвский областной исполнительный комитет Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Сэрцам народжаны спеў…

     Сёння, у беларускамоўны чацвер, вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва” на сустрэчу з беларускай народнай песняй запрасіла музычная гасцёўня “Сэрцам народжаны спеў”.
     Падчас сустрэчы рабяты пазнаёміліся са спеўнай спадчынай Дзяржаўнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, Дзяржаўнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, вакальна-інструментальных ансамбляў «Сябры», «Верасы», этнагрупы «Троіца», ансамбляў народнай музыкі «Бяседа», «Радзімічы», творчасць якіх спрыяе папулярнасці народных песень.
     З жаданнем, цікавасцю і захапленнем праслухалі рабяты народныя песні “Ой рана на Йвана”, “Рэчанька”, “Купалінка”, “Рушнікі” ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».
     Сапраўды, народная песня – гэта свята радасці, гэта хараство, якое жывіцца не толькі словамі, але і матывам, спевам, гучаннем музычных інструментаў, скокамі, танцамі, вопраткай. Каб адчуць народную песню душою і сэрцам, трэба яе не толькі паслухаць, але і праспяваць.Таму напрыканцы сустрэчы рабяты з задавальненнем, голасам душы і сэрца праспявалі вяселую народную песню «Цячэ вада ў ярок».
Музычная гасцеўня “Сэрцам народжаны спеў” падарыла рабятам песні душэўныя, песні прыгожыя, добрыя, любімыя, адным словам, жыццёвыя, за якімі стаяць нашы продкі-творцы. Стаяць з пашанай да творчай спадчыны, з надзеяй на яе захаванне і адраджэнне. І гэта надзея – наша моладзь, якая будзе ісці па жыцці з глыбокай родавай памяццю, з павагай да песенных традыцый нашых продкаў.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Аллянкова Н.В.

<< Вернуться на предыдущую страницу