Могилёвский областной исполнительный комитет Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Сустрэча з Магілёўскім этнаграфічным музеем

    5 кастрычнiка, у беларускамоўны чацвер, да  вучняў першых класаў  завітаў Магілеўскі музей этнаграфіі. Разам з настаўнікамі  Клепік І.С., Раманавай Л.В., Кулікоўскай О.У., Буевіч Ю.У. працаўнікі музея падрыхтавалі  сапраўднае  свята. Знаёміцца з культурнымі каштоўнасцямі краіны нашы вучні пачалі з нацыянальнага касцюма и ручніка. Традыцыйны касцюм з’яўляецца своеасабівай візітнай карткай беларусаў.  Маленькія грамадзяне разважалі: хто такі беларус?  Што адрознівае беларусаў ад людзей  іншых нацыянальнасцей?
   Хоць адказаць на гэта пытанне было і цяжка, аднак нашы маленькія таленты ўсе ж назвалі  некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму характару. Рысы аблічча беларуса мяккія, склад здаецца крыху далікатным,  для беларуса характэрна працавітасць, вынослівасць. Манера паводзінаў вызначаецца павольнасцю, стрыманасцю. Уласціва нашым людзям і знаходлівасць.  Беларусы адрозніваюцца шчодрасцю,  заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Цікава тое, што знайсці адказы на гэтыя цяжкія пытанні дапамагло дэталёвае разгляданне нацыянальнага касцюма. Вучні самі  вызначылі, што  адзенне можа расказаць пра чалавека многае. Па спосабу яе нашэння, па арнаменце можна было пазнаць з якой мясцовасці чалавек, якое яго сямейнае становішча, узрост. Адзенне было святочнае і паўсядзённае. У святочным адзенні больш было белага колеру. Мужчыны звычайна апраналіся ў доўгія палатняныя сарочкі і вузкія штаны. Зразумела, абавязковым быў пояс. У народных вераваннях пояс выступаў сімвалам дарогі, шляху. З даўніх часоў людзі надзялялі пояс магічнай сілай круга-абярэга, своеасаблівай мяжы, якая ахоўвае чалавека ад умяшання злых сіл, абараняе ад уздзеяння знешняга свету. Калі чалавек з’яўляўся на вуліцы без пояса, гэта выклікала ў людзей здзіўленне. Важнае месца адводзілася поясу ў розных звычаях і абрадах . Пояс нявеста дарыла жаніху, яго дарылі музыкантам, радні, гасцям. На вяселлі нявеста дарыла каля 100 паясоў. Поясам перавязвалі першы сноп ураджаю. Паясы ткалі, плялі з авечай поўсці, ільну. Вельмі прыгожыя жаночыя нацыянальныя касцюмы. Яны ўпрыгожваліся вышыўкамі на рукавах, спадніцы, фартуху. Узору надавалася вялікае значэнне.
     Нашы продкі лічылі, што розныя геаметрычныя малюнкі мелі цудадзейную сілу і маглі адганяць ад чалавека злыя сілы, хваробу. У народным касцюме галаўны ўбор пазначаў пол чалавека, у пэўных сітуацыях яго ўзрост і сацыяльны статус. Шапцы як мужчынскай катэгорыі прыпісваліся прадукцыйныя асаблівасці: з яе сеялі зерне, выкладалі яйкі пад квактуху. Надзетая шапка гарантуе абарону ад небяспекі з боку знешняга свету. Хустка- яскравы элемент жаночага строю. Замужнія жанчыны павінны былі насіць хустку ўвесь час. Завязванне хусткі пазначала пераход ад дзявоцтва да замужжа. Хусткай абвязвалі дажынкавы сноп, надаючы яму выгляд чалавека. Згодна з павер’ямі асаблівую сілу набывала белая хустка на Узвіжанне: калі разаслаць яе ў гэты дзень перад вужыным царом, ён скіне свае чароўныя залатыя рожкі, іх уладальнік стане разумець мову жывёл і траў. Дзяўчаты насілі на галаве вянкі з кветак , галаўныя павязкі ў выглядзе вузкай палоскі з арнаментам на канцах. Такія павязкі называлі ”скіндачкі”, “ручнікі”, “шырынкі”, а жанчыны насілі “наміткі” – кусок тканіны даўжынёй 2,5 – 3 метры. Разам з мовай нацыянальны касцюм  лічыцца найважнейшай этнічнай прыкметай і яскрава адлюстроўвае характар народа, узровень яго духоўнага і матэрыяльнага жыцця, гандлёвыя і культурныя сувязі з народамі іншых краін.
      Нам жа , як настаўнікам, хацелася б, каб у жыцці нашых вучняў ніколі не надыходзіла тая сумная часіна, якая адарвала б іх ад роднай  культуры, роднай зямлі; каб радасць адзінства з Радзімай заўседы жыла ў іх душах.                                                                                                         

Настаўнікі  першых класаў:

Клепік И.С., Раманава Л.В., Кулікоўская О.У., Буевіч Ю.У.

<< Вернуться на предыдущую страницу