Могилёвский областной исполнительный комитет МОГИЛЕВСКИЙ
ГОСУДАРСТВЕННЫЙ УНИВЕРСИТЕТ ПРОДОВОЛЬСТВИЯ Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Творчая майстэрня “Мастацтва ў маім жыцці”

Паэт, мастак і кампазітар,
Як тры вялізныя кіты,
Са словаў, гукаў і палітры
Будуюць вечнасці масты.
Л. Багдановіч


          Сёння ў межах акцыі “Размаўляем па-беларуску” для вучняў 7-ых класаў гасцінна адчыніла дзверы “Творчая майстэрня” кабінета беларускай мовы і літаратуры. Тэма сустрэчы “Мастацтва ў маім жыцці” не стала нечаканай для тых, хто ўлюбёны ў жывапіс і тэатр, захапляецца літаратурай і музыкай, з’яўляецца аматарам кіно і тэлебачання , а таксама сам спрабуе тварыць.
          Напярэдадні сустрэчы рабяты прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю з дня нараджэння беларускага кінарэжысера і сцэнарыста Віктара Турава. Кінатыдзень “Тураўская восень” быў распачаты праглядам мастацкай стужкі “Я родам з дзяцінства”. Пранізлівы і шчыры фільм пра дзяцінства, апаленае вайной, пра нечакана хуткае сталенне падлеткаў і вялікае жаданне вучыцца ўразіў, здзівіў і прымусіў задумацца пра неабходнасць берагчы мір, цаніць жыццё, любіць бацькоў, паважаць сяброў.
          Таксама ў час канікул рабяты наведалі Магілеўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава. Галерэя майстра-пейзажыста захапіла каларытам фарбаў, глыбінёй задумы, рэалістычнасцю вобразаў, арыгінальнасцю сімволікі і стала нечаканым адкрыцццём для многіх. Асабліва ўразіла апошняе недапісанае палатно мастака, на якім адлюстраваны нябёсы і ледзь бачная фігура анёла. Сакральна і сімвалічна… На карціны таленавітага творцы сапраўды хацелася глядзець бясконца.
          Вось такая стракатая палітра эмоцый, уражанняў і думак атрымалася падчас мастацкіх сустрэч, якія працягнуліся ў “Творчай майстэрні” кабінета беларускай мовы і літаратуры. У асяроддзі майстэрні рабяты таксама з захапленнем дзяліліся і асабістымі творчымі здабыткамі: дэкламавалі вершы, спявалі, дэманстравалі ўласныя малюнкі і фотапраекты.
          Сустрэча творцаў, сагрэтая роднай беларускай мовай, была надзвычай шчырай, натхнёнай і плённай. Усе разам прыйшлі да высновы заўжды сябраваць з мастацтвам, бо з ім жывецца цікавей. А яшчэ ў рабят з’явілася вялікае жаданне наблізіцца да выдатнай постаці эпохі Адраджэння ў прэм’ерным спектаклі “Скарына”, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадруку. Да сустрэчы, “Скарына”! Да сустрэчы, мастацтва!

Аллянкова Наталля Валер’еўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

<< Вернуться на предыдущую страницу