8 снежня быў праведзены ўрок Багдановіча “Ты зоркай незгасальнай у небе навекі” для вучняў 10-х класаў.
У ходзе ўрока старшакласнікі ўзгадвалі факты і падзеі з жыцця аўтара “Вянка”, расказвалі пра дзіцячыя і юнацкія гады паэта, раскрылі сутнасць выхавання дзяцей у сям’і Багдановічаў, нагадалі пра трагізм, звязаны з хваробай, што неадступна крочыла за блізкімі паэту людзьмі.
“Над магілай”, “Прыйдзе вясна”, “На чужыне”, “Край мой родны! Як выкляты богам… ”, “Над возерам”, “Вечар на захадзе ў попеле тушыць”, “Пагоня”… - усе гэтыя мастацкія паэтычныя творы напісаны рукой сапраўднага майстра слова. Радкі з гэтых вершаў і сёння кранаюць юныя сэрцы маладога пакалення, якое верыць у светлае заўтра, пакалення, якое сапраўды дачакаецца залацістага дня.
Дзяўчаты і хлопцы з майстэрствам прафесіяналаў чыталі ўзнёслыя радкі паэтычных твораў Максіма Багдановіча пра Бацькаўшчыну, пра наш народ, пра непаўторнасць і прыгажосць беларускай прыроды, пра каханне…
Прыныдна вочы ззяюць да мяне;
Чароўна ўсміхаючыся, губы
Адкрылі буйныя бялеючыя зубы…
Ласкавы шэпт… Гарачай хваляй мкне
Кроў к сэрцу маяму. Мана ўсё або не?
Відэаролік песні “Вераніка” ў выкананні “Песняроў” напоўніў атмасферу ўрока лірычным роздумам: “Няма таго, што раньш было”, чароўна-задушэўнымі гукамі цудоўнай мелодыі, якая натхняе на яснае жыццё, на добрыя ўчынкі.
У фінале ўрока Гаўрыленка Арцём, вучань 10 “А” класа, падвёў вынік, сказаўшы, што зорка Багдановіча не згасла, зорка Багдановіча ў небе навекі.
…Хоць рана згасла полымя жыцця,
Ды ўсё гарэць, не згаснуць яго зорцы.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Петрачэнка В.С.