Я нарадзілася ў Магілёве і жыву на вуліцы Народнага Апалчэння, што знаходзіцца на мікрараёне Юбілейны.
Калі падняцца высока ў неба, то з вышыні птушынага палёту бачыцца (калі глядзець на поўдзень) правабярэжжа Дняпра, які віецца стужкай-змейкай, – мой любімы горад – мой дом, маё паветра, мае мары, маё жыццё.
Які ж ён, мой горад? Гэта прыгожыя вуліцы і завулачкі, што аднолькава шыкоўныя ў любую пару года: у зімовы марозны дзень і ў летнюю спёку, ранняй вясной і залатой восенню. Давайце пройдземся па пешаходнай вуліцы Ленінская, артэрыі майго горада. Своеасаблівасць яе (гістарычная назва – Вялікая Садовая) падкрэсліваюць памятныя пано на фасадах будынкаў, што маюць гістарычную, архітэктурную і культурную каштоўнасць.
У маім горадзе ёсць усё неабходнае для шчаслівага жыцця. Гэта ўсё створана дбайнай працай рук чалавека. Вялікі паклон табе, Чалавек-Працаўнік! У твой гонар звіняць званы на храмах, у твой гонар маўчаць гэтыя званы.
Але сёння я хачу расказаць пра вуліцу, на якой жыву. Вуліца Народнага Апалчэння размяшчаецца ва ўсходняй частцы горада. Яе працягласць – 800 метраў. Пачынаецца ад вуліцы Каралёва і заканчваецца ўнутры квартала жылой забудовы ў мікрараёне Юбілейны. Названая ў 1974 годзе ў гонар народных апалчэнцаў, якія прымалі ўдзел у гераічнай абароне Магілёва.
У гісторыю гераічнай абароны Магілёва яркай старонкай увайшоў подзвіг байцоў Народнага Апалчэння, якія разам з рэгулярнымі вайсковымі часткамі мужна абаранялі горад.
Народнае Апалчэнне – гэта добраахвотніцкія ваенныя і ваенізаваныя фарміраванні з асоб, якія не падлягалі першачарговаму прызыву па мабілізацыі і ствараліся для дапамогі дзеючай арміі.
23 чэрвеня 1941 года ў Доме партыйнай асветы адбыўся сход партыйнага і камсамольскага актыву, дзе было прынята рашэнне стварыць батальён, які будзе абараняць горад. У гэтым батальёне было 600 чалавек. А камандзірам быў маёр M.І.Калугін. Да 10 ліпеня 1941 года было створана 14 такіх батальёнаў, у якіх налічвалася 12 тысяч чалавек.
У час абароны Магілёва яны гераічна загінулі ў кругавой акупацыі. Там, дзе я жыву, на Машакоўцы, атрад педінстытута з 18 па 26 ліпеня абараняў вуліцы майго горада.
А сёння мы, шчаслівыя магіляўчане, крочым сцежкамі маёй вуліцы, захапляючыся краявідамі, і ганарымся адважнымі, мужнымі продкамі, у гонар якіх і названа мая вуліца – вуліца Народнага Апалчэння.
Вучаніца 7 “А” класа
Рубянкова Ганна