Могилёвский областной исполнительный комитет Могилевский институт МВД Республики Беларусь

Вясёлыя каляды

     Надыходзяць чароўныя калядныя дні. Мы чакаем ад іх нейкага асаблівага настрою, марым аб здзяйсненні жаданняў ды недзе ў душы, далёка-далёка, усё ж такі верым у цуд.
     Нашыя продкі таксама з нецярпеннем чакалі Калядаў і таксама спадзяваліся на лепшае. Як і мы зараз. Толькі вось традыцыі святкавання былі крыху іншымі чым сёння. Зараз у нашай культуры змяшалася вельмі шмат розных плыняў. Гэта тычыцца таксама і навагодніх святаў. Ці гэта добра, ці дрэнна – не ведаем. Зараз нам нікуды не схавацца ад іншых культур. Ды і ці трэба? Адзінае, што важна – не забываць сваю.
     Каляды - гэта першае свята сонца, якому старажытныя славяне шчыра пакланяліся. Не толькі нашыя продкі, але і іншыя народы надавалі сонцу пэўнае значэнне: па ім звяралі час, да яго поўнага кругавароту вакол Зямлі прымяркоўвалі гадавыя календары. У нашых продкаў-язычнікаў сонейка ўвогуле ўшаноўвалася  як адно з галоўных бостваў. Чаму? Разлік быў просты: ад Сонца сапраўды залежыла жыццё.
     У наш  век электрычнасці  гэта ўсё мала зразумела, але раней у гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці і святкаванні, якія ў славян замацаваліся пад агульнаю назвай – Каляды.
     На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды не мелі дачынення ані да католікаў, ані да праваслаўных.
     Старадаўнія калядныя святкаванні добра захаваліся. Відаць, невыпадкова, бо Каляды былі аднымі з самых вялікіх святаў нашых продкаў. Традыцыі святкавання перадаваліся з пакалення ў пакаленне, пакуль не дайшлі да нас.
     21 студзеня вучні 3 «А», 3 «Б», 3 «В» і 3 «Г» класаў пазнаёміліся з традыцыямі святкавання калядак, з гісторыяй свята, яго галоўнымі атрыбутамі. Вучні спявалі традыцыйныя калядныя песні, разыгрывалі з дапамогай лялек эпізоды з калядных гульняў.
     Вусны часопіс «Вясёлыя каляды» прайшоў цікава, займальна і весела.

<< Вернуться на предыдущую страницу